Свята “Працоўная сякера”

У другі раз у аграгарадку Тарнова Лідскага раёна прайшло свята сякеры. Галоўнай дзеяй свята быў конкурс “Працоўная сякера”, у якім прынялі ўдзел прадстаўнікі Лідскага і Фалькавіцкага лясніцтваў. Да кожнай каманды-прафесіяналаў далучыліся аматары сякеры з мясцовых жыхароў. Спачатку удзельнікам патрэбна было ручной пілой напілаваць калодак, а затым насячы дроў. Наступным заданнем  завастрыць бярозавыя калы “пад аловак”. Цікавасць, а разам і хваляванне ў гледачоў вызваў іспыт на трапнаць і зоркасць. Патрэбна было рассекчы звычайныя запалкі ўздоўж (запалкі былі размешчаны вертыкальна на драўляных дысках і прадстаўлены кожнаму ўдзельніку). Спатрэбілася ўменне і нават сіла  ў забіванні цвікоў адваротным бокам сякеры. Гаспадыні здзіўляліся, што так дробна сякерай можна пашынкаваць капусту. Галоўны прыз – мяшок зерня падзялілі паміж сабою Звярко Сяргей з Лідскага лясніцтва і Хацукевіч Генадзь з Фалькавіцкага. Прыз сімпатыі  гледачоў атрымаў Анатоль Султанаў з Ліды.  

Настрой задавалі калектывы аматарскай творчасці Тарноўскага Дома культуры і госці з аграгарадка Геранёны Іўеўскага раёна. Усе прысутныя змаглі пачаставацца і ацаніць на выдатна традыцыйную кашу “з сякеры”, рэцэпт якой ведае толькі загадчыца філіяла “Тарноўскі Дом культуры” ДУ “Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці” Святлана Антонік. Дарэчы, яна ж ініцыятар і галоўны арганізатар гэтага мерапрыемства.

Ганна Некраш

Вядучы метадыст ДУ “Лідскі раённы цэнр культуры і народнай творчасцi