Галоўная

АСНОЎНАЯ ІНФАРМАЦЫЯ

Рэгіянальны лясны экалагічны адукацыйны цэнтр у Лідскім раёне Гродзенскай вобласці (далей – Цэнтр) створаны на базе Дзяржаўнай лесагаспадарчай установы “Лідскі лясгас”. Размяшчаецца на тэрыторыі батанічнага помніка прыроды “Парк Горні” у п. Горні (паўднёвая ўскраіна г. Ліда, у 2 км ад магістральнай аўтатрасы М-6/Е28 Мінск–Гродна–мяжа Рэспублікі Польшча). Парк “Горні” з’яўляецца ўнікальным батанічным аб’ектам, які ўяўляе сабой дэндралагічную каштоўнасць, мае навуковае, гістарычнае і эколага-асветніцкае значэнне. Наведванне цэнтра і парка пакідае моцныя ўражанні, спароджаныя веліччу гэтага прыроднага комплексу, прадстаўленага векавымі прысадамі і асобнымі дрэвамі ўнушальных памераў і ўзросту.
На базе цэнтра сфармавана інфармацыйная база, якая ўключае лёгкадаступную аб’ектыўную інфармацыю пра біялагічную разнастайнасць Беларусі, Гродзеншчыны і Лідскага раёна ў прыватнасці, пра існыя тэндэнцыі ў выкарыстанні прыродных рэсурсаў, новыя метады вядзення лясной гаспадаркі, арганізацыі і кіравання прыродаахоўнымі тэрыторыямі; створана развітая інфраструктура турыстычнага бізнесу.

АСНОЎНАЯ МЭТА

Развіццё інфраструктуры і павышэнне ўзроўню інфармаванасці, экалагічнай адукацыі і асветы навучэнцаў сярэдніх, вышэйшых і спецыяльных навучальных устаноў, моладзі, мясцовага насельніцтва і паляпшэнне прафесійных ведаў працаўнікоў лясной гаспадаркі і іншых сфераў прыродакарыстання ў галіне экалагічна арыентаванага лесакіравання і лесакарыстання, развіццё экатурыстычнай дзейнасці і прадастаўленне турыстычных і іншых паслуг.

АСНОЎНЫЯ ЗАДАЧЫ

– павышэнне ўзроўню інфармаванасці, экалагічнай адукацыі, асветы і ўцягванне навучэнцаў, моладзі, мясцовага насельніцтва, турыстаў у захаванне прыродных каштоўнасцяў Гродзеншчыны праз усвядомленае экалагічна прымальнае прыродакарыстанне;
– распаўсюджванне прынцыпаў і ідэй ўстойлівага лесакіравання і лесакарыстання, лясной сертыфікацыі, вядзення гаспадаркі на асабліва ахоўных тэрыторыях, ляснога і прыродаахоўнага заканадаўства для працаўнікоў лясной гаспадаркі і прыродаахоўных арганізацый Гродзенскай вобласці;
– арганізацыя і правядзенне навукова-практычных і навучальных семінараў і канферэнцый, лекцый, экскурсій, розных цырымоній і ўрачыстасцяў;
– развіццё і арганізацыя экатурыстычнай дзейнасці і паслуг, прыцягненне адпачывальнікаў, паляўнічых і рыбакоў, айчынных і замежных турыстаў;
– садзейнічанне актыўнаму адпачынку насельніцтва шляхам прадастаўлення для пражывання паляўнічага комплексу, спартыўнага інвентару і абсталяваных месцаў адпачынку, продажу мёду і інш.

СТРУКТУРА ЦЭНТРА

Цэнтр складаецца з чатырох функцыянальных зонаў:
навучальнай – экалагічны клас (вучэбны кампутарызаваны клас плошчай 34,4 м 2, разлічаны на 20–25 чалавек);
навучальна-дэманстрацыйнай – музей лясной гаспадаркі Гродзеншчыны (абсталяванай экспазіцыямі лясной і прыродаахоўнай тэматык і магчымасцямі мінікіназалы на 35–40 наведнікаў);
прыродна-дэманстрацыйнай, якая аб’ядноўвае сукупнасць палявых натурных дэманстрацыйных і навучальных аб’ектаў (2 пешыя, веласіпедны і водны экалагічныя маршруты, дэманстрацыйныя аб’екты ўстойлівага лесакіравання і лесакарыстання);
турыстычнай, у якую ўваходзяць добраўпарадкаваная тэрыторыя батанічнага помніка прыроды мясцовага значэння “Парк Горні” (лавы, арэлі, драўляныя скульптуры, пясочніца, дзіцячыя гульнявыя комплексы і інш.); хатка “У гасцях у пчолаў” (побач пчалярня); паляўнічы комплекс; спартыўная пляцоўка; вясельная прысада (алея); дрэвава-хмызняковы лабірынт; прысада славы; 4 экалагічныя маршруты і інш.

ГІСТОРЫЯ СТВАРЭННЯ ЦЭНТРА

Упершыню ідэя стварэння рэгіянальнага ляснога экалагічнага адукацыйнага цэнтра ў ДзЛГУ “Лідскі лясгас” паўстала ў 2013 годзе, але да рэалізацыі яе спрычыніліся толькі ў 2016 годзе ў рамках праекта “Садзейнічанне пераходу Рэспублікі Беларусь да “зялёнай” эканомікі”, што фінансуецца Еўрапейскім Звязам і рэалізуецца Праграмай развіцця ААН (далей – Праект). Інфармацыю аб праекце можна атрымаць на сайце: www.greenlogic.by. Праект быў накіраваны на рэалізацыю ідэй “зялёнага” эканамічнага росту і экалагічна ўстойлівых мадэляў вытворчасці і спажывання пасродкам падтрымкі мясцовых “зялёных” ініцыятыў і правядзенне інфармацыйнай кампаніі.
У адпаведнасці з патрабаваннямі і ў рамках гэтага праекта Грамадскае аб’яднанне “Беларускае батанічнае таварыства” заключыла дамову з Праграмай развіцця ААН у Рэспубліцы Беларусь аб прадастаўленні грантавых сродкаў на рэалізацыю пілотнай мясцовай “зялёнай” ініцыятывы “Стварэнне рэгіянальнага лясной экалагічнага адукацыйнага цэнтра ў Лідскім раёне Гродзенскай вобласці”. Партнёрамі мясцовай ініцыятывы выступілі: Дзяржаўная лесагаспадарчая ўстанова “Лідскі лясгас” і Дзяржаўная навуковая ўстанова “Інстытут эксперыментальнай батанікі імя В. Ф. Купрэвіча Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі”. Тэрмін рэалізацыі пілотнай ініцыятывы складае 18 месяцаў (з 01.01.2016 па 30.06.2017 гг.).